Эпітафія свяціцеля Георгія

Архiепiскап Магiлёўскi i Беларускi Георгiй (Канiскi) пражыў даволi доўгае для свайго часу жыццё – 78 гадоў. Ад прыроды ён меў вельмi моцнае здароўе, аднак i яно не магло процiстаяць тым нягодам, хваляванням, доўгiм падарожжам i цяжкiм клопатам, якiя выпалi на долю вялiкага асветнiка. Ужо напрыканцы 60-х гг. Георгій (Канiскi) часта адчуваў сябе знясiленым, стомленым, скардзiўся на болi ў галаве. Яго здароўе рэзка пайшло на спад у 1892 г. Разумеючы, што зямны час на зыходзе, архiепiскап Георгiй 20 студзеня 1793 г. склаў дакладнае завяшчанне. Вiдавочна, у гэтыя ж днi ён напiсаў i надмагiльны надпiс, якi загадаў выбiць на меднай дошцы:

Калыска – Нежын, Кiеў мой вучыцель;

Я ў трыццаць восем год зрабiўся Свяцiцель.

Семнаццаць год змагаўся я з ваўкамi,

Дваццаць два гады адпачыў з аўцамi.

За перажытыя труды ва ўзнагароду

Архiепiскапам i Членам стаў Сiноду.

Iмя Георгiй з Канiскiх дому.

Каню падобны быў я паштавому.

Майго тут трупа закапаны грэшны косцi.

Год семiсоты пяты дзевяносты [1].

У дзесяцi кароткiх радках аўтар змог узгадаць самыя яркiя моманты свайго бурнага, рухлiвага жыцця. "Калыскаю" Рыгора Восiпавiча Канiскага быў Нежын, дзе ён нарадзіўся 20 лiстапада 1717 г. у сямi радавiтых украiнскiх дваран (яго бацька Восiп Iванавiч быў бургамiстрам). Да адзiнаццацi гадоў хлопчык гадаваўся ў сям'i, дзе атрымаў грунтоўную пачатковую адукацыю. Гэта дазволiла яму паступiць у самую лепшую на Украiне вышэйшую навучальную установу – Кiева-Магiлянскую акадэмiю, якую ён паспяхова скончыў у 1743 г. Як i яго родзiч старац Iоў Канiскi, у 27-гадовым узросце Рыгор прыняў пострыг з iменем Георгiя. Такiм чынам, у лёсе падзвiжнiка адбылося так, што пострыг фактычна не змянiў яго роднае "з Канiскiх дому" iмя, як гэта адбывалася звычайна.

Менавiта Кiеў стаў для Георгiя "настаўнiкам" у высокiм сэнсе гэтага слова. У 1745 г. Георгій (Канiскi) пачаў выкладаць у роднай акадэмii. За дзесяць гадоў ён прайшоў шлях ад звычайнага выкладчыка да прафесара найбольш аўтарытэтных кафедр (пiiтыкi, фiласофii, багаслоўя) i, нарэшце, – рэктара акадэмii. На фоне павагi, славы i прызнання гераiчным уяўляецца рашэнне свяцiцеля ўзначалiць Магiлёўскую епархiю ў асаблiва цяжкi для яе час.

Архiерэйская хiратонiя Георгiя (Канiскага) адбылася 26 жнiня 1755 г. у Кiеве, калi яму было 38 гадоў. У Магiлёве епiскап Георгiй убачыў непрывабную карцiну рэлiгiйнага заняпаду, выклiканага доўгiмi ганеннямi на Праваслаўе з боку каталiкоў i унiятаў. Як чалавек неўтаймаванай энэргii, якi цудоўна ведаў гiсторыю, грамадзянскае права i польскую мову, свяцiцель смела пачаў абараняць Праваслаўе – вёў барацьбу "з ваўкамi". Падчас гэтай барацьбы яго жыццё неаднаразова падвяргалася небяспецы: у 1759 г. у Аршанскiм Куцеiнскiм манастыры, у 1760 г. Магiлёве, у 1762 г. у Варшаве i 1768 г. зноў у Магiлёве, калi Георгій (Канiскi) быў вымушаны выехаць на выгнанне ў Смаленск.

Невыпадкова ў эпiтафii Георгій (Канiскi) параўноўвае сябе з паштовым канём. Яго жыццё на самой справе было падобным на жыццё вандроўнiка. Як абаронца праваслаўных, ён выязджаў у Санкт-Пецярбург, у Маскву, у Варшаву, дзе юрыдычна адстойваў правы не толькi сваёй паствы, але i праваслаўных вернiкаў усёй Паўднёва-Заходняй Русi.

Для свяціцеля Георгiя перыяд адноснага пакою наступiў толькi пасля 1772 г.: у вынiку першага падзела Рэчы Паспалiтай усходнiя тэрыторыi Беларусi былi далучаны да Расiйскай iмперыi i склалi асобную Магiлёскую епархiю, у якой з 1773 г. Георгій (Канiскi) мiрна працаваў да скону сваiх дзён. Лёс падараваў яму радасць убачыць дабраахвотнае масавае вяртанне шматлiкiх унiятскiх парафiй да Праваслаўнай Царквы.

Дзейнасць свяцiцеля Георгiя Магiлеўскага па абароне Праваслаўя i з'яднанню унiятаў не засталася без увагi: "за труды ва ўзнагароду" ён бы узведзены ў 1783 г. у сан Архiепiскапа i прызначаны членам Свяцейшага Сiнода.

Пасля складання эпiтафii свяцiцель Георгiй пражыў яшчэ два гады i памёр 13 лютага 1795 г. Ён бы пахаваны ў збудаваным iм жа Спаскiм саборы г. Магiлёва. Дошка з эпiтафiяй была ўстанолена над яго магiлай. Тая стараннасць, з якой свяцiцель Георгiй рыхтаваўся да сваёй канчыны, гаворыць пра тое, што ён не баяўся смерцi. Напэўна, ён не толькi шчыра верыў у Хрыста Збавiцеля, але i разумеў, што бездакорна заслужыў у памяцi нашчадкаў незабыўную падзяку. 

Заўвагi:

1.​  Пераклад мой (С. Сомаў). Дакладны тэкст эпiтафii наступны:

Колыбель Нежин, Киев мой учитель

Я в тридцать осьм лет сделался Святитель

Семнадцать лет боролся я с волками

Двадесят и два отдохнул с овцами

Архиепископ трудов в нагороду

Из епископа Член назван Синоду

Георгий имя из Конисских дому

Коню подобен бывал почтовому

Сего тут падла зарыл грешны кости

Год семисотый пятый девяностый.

С. Э. Сомаў. Могилевские Епархиальные Ведомости. – 1895. – № 3. – С. 41

Прочитано 8565 раз

 

Обособленное структурное подразделение Белорусской Православной Церкви «Издательский Совет Белорусской Православной Церкви»
Председательиерей Олег Александрович КУНЦЕВИЧizdatsovet@mail.ru 
Юридический и почтовый адрес: 220030 г. Минск, ул. Кирилла и Мефодия, д. 3
Банковские реквизиты: 220030 г. Минск, ул. Кирилла и Мефодия, д. 3  УНП 102368701  р/счет BY48TECN30157133900180000000 в ОАО «Технобанк» г. Минск, БИК TECNBY22

Секретариат: е-mailizdatsovet.org@mail.ru По вопросам технического обслуживания сайта: е-mail7882283@gmail.com 

Top
Разработано с JooMix.